ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ВЫПРАБАВА́ЛЬНАЯ ТАБЛІ́ЦА,
нармалізаваны рысунак для кантролю параметраў тэлевізійнага відарыса. Бывае спецыялізаваная і універсальная, паводле спосабу атрымання — аптычная (дыяпазітыў ці асобны кадр), электронная (фарміруецца манаскопам) і электрычная (фарміруецца эл. шляхам). Т.в.т. для кантролю параметраў сістэм лічбавага тэлебачання мае статычныя і дынамічныя элементы.
Спецыялізаваная Т.в.т. мае 1 выпрабавальны элемент (напр., аднаколернае поле, шахматнае поле, градацыйны клін, верт. палосы) і прызначаны для кантролю 1 параметра відарыса. Універсальная Т.в.т. мае некалькі элементаў, што дазваляе ацаніць адначасова некалькі параметраў. Аптычная Т.в.т. выкарыстоўваецца для кантролю работы святлоэлектрычных пераўтваральнікаў, электронная і электрычная — радыёперадатчыкаў і тэлевізійных прыёмнікаў, прылад апрацоўкі сігналаў, каналаў сувязі і інш.
А.Л.Хамініч.
т. 16, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)